На заканчэнне года заўжды прыпадае шмат розных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Ганцавiцкiм раёне. Сёлета ў юбілей Вялікай Перамогі і Год моладзі адметнай падзеяй стаў турнір па панкратыёне памяці героя-разведчыка, ураджэнца вёскі Лактышы Паўла Зуйкевіча, праведзены 19 снежня ў спартыўнай зале СШ № 1 райцэнтра.
Назаўсёды маладым застаўся ў памяці Павел Зуйкевіч, лёс якога вельмі трагічны і яркі адначасова. Падчас акупацыі яго адправілі ў Германію, дзе ён апынуўся ў канцэнтрацыйным лагеры, але не скарыўся і здолеў здзейсніць уцёк. Праз палову Еўропы Павел прайшоў, каб вярнуцца на Радзіму. Ужо на Чарнігаўшчыне сустрэў партызан, поплеч з якімі змагаўся з акупантамі да вызвалення. А потым была школа радыстаў-разведчыкаў і спецаперацыя ў Чэхаславакіі, дзе юнак у баі загінуў ад рук гітлераўцаў 8 красавіка 1945 года — за месяц да Вялікай Перамогі. Гісторыя яго жыцця заслугоўвае рамана ці кінастужкі — як прыклад мужнасці, адвагі, нескаронасці і адданасці свайму народу, сваёй Радзіме.
У адзінаборствах няма месца слабасці духу. Той, хто выходзіць на байцоўскі дыван, змагаецца, нягледзячы ні на што, і нават калі прайграе — усё роўна пераможца, найперш — над самім сабою, сваімі страхамі і сумненнямі.
Менавіта таму падчас турніра па панкратыёне, па сутнасці, не было тых, хто прайграў. Усе спартсмены, якія выступілі, заслугоўваюць увагі. А іх сабралася нямала. Сем каманд з Ганцавіч, Мінска, Пінска, Белаазёрска, Ляхавіч і пасёлка Азярэчча з’ехаліся, каб аддаць даніну памяці нашаму земляку і прадэманстраваць сваё майстэрства.
На ўрачыстым адкрыцці турніра кіраўнік раёна Аляксандр Саланевіч выказаў удзячнасць спартсменам, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, і заўважыў, што цудоўна, калі моладзь не сядзіць па дамах за камп’ютарамі і перад тэлевізарамі, а займаецца спортам і паказвае прыклад сваім аднагодкам.
Дарэчы, спаборніцтвы праходзілі як па панкратыёне, так і па адным з яго падвідаў — грэплінзе (від барацьбы — заўв. аўт.). У гэтай дысцыпліне выступала частка спартсменаў менавіта з Ляхавіч і Пінска, дзе культывуюцца такія адзінаборствы, як дзюдо і самба. Але ж найбольшую ўвагу, безумоўна, прыцягвалі да сябе паядынкі па панкратыёне, асабліва сярод юнакоў ад 14 да 18 гадоў і дарослых. Увогуле, час, на працягу якога праводзіўся турнір, для аматараў спорту праляцеў амаль непрыкметна. А яго выдатная арганізацыя і прафесійнае судзейства пакінулі прыемныя ўражанні як у саміх спартсменаў, так і прадстаўнікоў каманд. Дарэчы, адным з “галоўных рухавікоў” турніру стаў спартыўны клуб “Мядзведзь”, якi арганiзавалi мясцовыя казакi. І менавіта на яго базе і адбывалася падрыхтоўка суддзяў — праводзіліся семінары і залікі. Ды і запрошаныя на турнір каманды — вынік даўняга супрацоўніцтва паміж аматарамі адзінаборстваў з розных куткоў краіны. Не дзіўна, таму што спартыўны клуб і быў адзначыны землякамі Паўла Зуйкевіча каштоўным падарункам. Гаворачы аб арганізацыі турніра, варта адзначыць усебаковую падтрымку мясцовай улады.
Аляксей ГРУШЭВІЧ.