Да дня яднання народаў Беларусі і Расіі казакi спартыўнага клуба “Мядзведзь” падрыхтавалi і правялi спартыўнае мерапрыемства, на якое былі запрошаны даўнія сябры — афіцэры расійскай вайсковай часці, што дыслацыруецца ў Машуках.
Ганцаўчане разам з расіянамі сустрэліся на ўлонні прыроды: каталіся на лыжах, спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычнай зброі, наладзілі імправізаваную гульню ў рэгбі і проста адпачылі каля вогнішча, пасмакаваўшы прыгатаваныя на кастры наварыстую юшку, казацкі кулеш і духмяную травяную гарбату. За гульнямі і шчырай гутаркай час праляцеў хутка.
Падумалася, што ўсё ж не так і часта адбываюцца падобныя сустрэчы, бо ва ўсіх свае турботы. Тым больш каштоўным становіцца кожнае такое спатканне, калі таварышы, аб’яднаныя агульнымі інтарэсамі, збіраюцца разам.
Чарговая падстава пабачыцца з сябрамі выпадае на красавік. Да Дня касманаўтыкі, які адзначаецца 12 красавіка, казакi СК “Мядзведзь” запланавалi правесці спаборніцтвы па сілавых відах спорту. Сябры-расіяне якраз служаць у касмічных войсках сваёй краіны, і сярод іх шмат аматараў гіравога спорту. Так што хутка сустрэнуцца зноў…